ШКОЛА ХХІ СТАГОДДЗЯ
З 2000 года гімназія знаходзіцца ў рэжыме інавацыйнага развіцця, з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскіх інавацыйных пляцовак.
У 2001 годзе гімназія стала эксперыментальнай пляцоўкай БДПУ імя М. Танка па праблеме мадыфікацыі сістэмы выхаваўчай работы, а ў 2004 - 2008 гадах - сумесна з навукоўцамі педуніверсітэта ў гімназіі ажыццяўлялася эксперыментальная апрабацыя мадэлі грамадзянскага выхавання.
У 2002 годзе гімназія атрымала статус Асацыіраванай школы ЮНЕСКА; атрыманы ў 2014 годзе Сертыфікат “Асацыіраваная школа ЮНЕСКА” пацвердзіў яе ўступленне ў міжнародную сетку Асацыіраваных школ ЮНЕСКА.
З верасня 2009 года гімназія стала рэсурсным цэнтрам па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій і сродкаў навучання Смаргонскага раёна. У гімназіі ёсць два хуткасныя выхады па тэхналогіі ADCL у Інтэрнэт, працуе электронная пошта (е-mail: gimn-smorgon@mail.grodno.by), працуе сайт гімназіі (http://gymn4.by/). І як, у сувязі з гэтым, не ўспомніць далёкі 1985/1986 навучальны год, калі ў 9-х класах сярэдняй школы №4 быў уведзены пілотны курс “Асновы інфарматыкі і электронна-вылічальнай тэхнікі”, і настаўнік Букаеў Анатолій Аляксеевіч вучыў “размаўляць з машынамі” вучняў дзевятых класаў горада і раёна.
У 1995 годзе ў школе-гімназіі №4 з мэтай прапаганды экалагічных ведаў, выпрацоўкі правільнага экалагічнага светапогляду вучняў быў створаны экалагічны клуб “Vita” (кіраўнікі клуба Клевец І.Р. і Паныш І.Г.). На працягу многіх гадоў члены клуба станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных экалагічных конкурсаў, а з 2010 года далучыліся да рэспубліканскага адукацыйнага праекта “Зялёныя школы” у рамках дзейнасці Асацыіраваных школ ЮНЕСКА.
У 2014 годзе гімназія была адзначана Дыпломам ІІІ ступені за выдатна выкананыя заданні ў рамках праекта і атрымала статус “Зялёная школа”, які быў пацверджаны ў 2019 годзе.
Актыўная дзейнасць у экалагічным выхаванні дазволіла ўстанове адукацыі стаць пераможцам конкурсу па стварэнню клубаў экалагічнага маніторынгу, арганізаванага ў рамках праекта “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”(“Экаманіторынг”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Для эфектыўнай дзейнасці клуба ў рамках дадзенага праекта ў 2019 годзе ў гімназіі было ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне для маніторынгу якасці атмасфернага паветра і наладжана работа метэастанцыі.
Па выніках раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю працы па забяспячэні якасці адукацыі гімназія станавілася пераможцам у 2007, 2011, 2013-2016 гадах. У 2007, 2014 годах фотапартрэт ДУА “Гімназія г.Смаргоні” быў занесены на раённую Дошку гонару.